СКАНДЫНА́ЎСКІ ПАЎВО́СТРАЎ Самы вялікі ў Еўропе, на ПнЗ мацерыка. Даўж. каля 1900 км, шыр. да 800 км, пл. каля 800 тыс. км². Абмываецца Баранцавым, Нарвежскім, Паўн., Балт. морамі, іх залівамі і пралівамі. Зах. і паўн. берагі высокія, стромкія, фіёрдавага тыпу, усх. і паўд. — нізкія, пераважна скалістыя, шхернага тыпу, на асобных участках плоскія, пясчаныя; моцна парэзаныя. Уздоўж узбярэжжаў — шматлікія астравы і скалы. Зах. і цэнтр. часткі паўвострава займаюць Скандынаўскія горы (г. Гальхёпіген, 2469 м), усх. схілы якіх пераходзяць у плато Норланд выш. 400—700 м. Уздоўж Балт. м. размешчана Сярэдняшведская нізіна з вял. азёрамі, марэннымі і озавымі падняццямі; на Пд — купалападобнае ўзв. Смоланд (выш. да 377 м), прыморскія нізіны. У геал. адносінах С.п. належыць да Балтыйскага шчыта і зоны каледонскай складкавасці. У плейстацэне С.п. быў цэнтрам зледзянення Еўропы. Захаваліся шматлікія марэнныя грады, друмліны, озы і інш. формы ледавіковага рэльефу, у высакагор’ях — ледавікі. Карысныя выкапні: жал., малібдэнавыя, тытанавыя, медныя, уранавыя, марганцавыя руды, поліметалы. Клімат С.п. пераважна ўмераны, на Пн — субарктычны; на яго ўздзейнічае Паўн.-Атл. цёплае цячэнне. На З клімат умераны марскі з мяккай зімой (сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да 2 °C на Пд) і халаднаватым летам (ад 10 °C на Пн да 14 °C на Пд), вялікай вільготнасцю (1000—3000 мм за год). На У клімат пераходны да кантынентальнага. Зіма марозная (-15 °C на Пн, -5 °C на Пд), лета ўмерана цёплае (да 17 °C у ліп. на Пд). Ападкаў ад 400 да 800 мм за год. Рачная сетка С.п. густая. Рэкі кароткія, з парогамі і вадаспадамі, багатыя гідраэнергет. рэсурсамі; найб. буйныя — Глома, Торніяёкі, Далельвен, Онгерманельвен, Кларэльвен. Шматлікія азёры тэктанічнага, ледавіковага і змешанага паходжання: Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн. У раслінным покрыве пераважаюць хваёвыя лясы. На крайняй Пн — зона тундраў; Пд паўвострава — у зоне мяшаных лясоў (пераважае бук). На зах. узбярэжжы і схілах верасоўнікі і тарфянікі. У гарах вышынная пояснасць: хваёвыя лясы падымаюцца да 400 м на Пн і 900 м на Пд, ад 900 да 1100 м — пояс бярозавага крывалесся, вышэй — горная тундра. Жывёльны свет прадстаўлены тундравымі і ляснымі формамі. На ўзбярэжжах — птушыныя базары, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. На С.п. размешчаны Швецыя, Нарвегія, паўн.-зах. ч. Фінляндыі. Буйныя гарады: Стакгольм, Гётэбарг (Швецыя), Осла (Нарвегія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)